15.03.2010 Валянцін Стэфановіч: Улады змянілі форму рэпрэсіяў Чарговы гадавы агляд-хроніку парушэнняў правоў чалавека ў краіне прэзэнтавалі беларускія праваабаронцы. Асноўная выснова: ва ўмовах дыялогу з ЕЗ улады знізілі фармальную статыстыку рэпрэсіяў, але пры гэтым сталі дзейнічаць больш вытанчана, перадаюць «Беларускія навіны». Як адзначыў віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Алесь Бяляцкі, у 2009 годзе ў Беларусі было значна менш адміністрацыйных арыштаў за ўдзел у акцыях пратэсту апазіцыі, крымінальных пераследаў за палітычную дзейнасць. У той жа час, паводле яго словаў, «павялічылася колькасць цалкам незаконных метадаў ціску, такіх як жорсткае збіццё і катаванні дэмакратычных актывістаў, прэвентыўныя затрыманні перад пачаткам акцыяў пратэсту, затрыманні і вываз актывістаў невядомымі людзьмі па-за межы Менска». Пры гэтым, нягледзячы на шматлікія звароты ў пракуратуру і следчыя органы, ні ў праваабаронцаў, ні ў саміх актывістаў не атрымалася дамагчыся таго, каб справы аб выкраданні актывістаў былі належным чынам расследаваныя. Акрамя таго, па словах Бяляцкага, улада актыўна выкарыстоўвала такую форму ізаляцыі актывістаў моладзевай апазіцыі, як «гвалтоўны прызыў у армію з перапісваннем іх дыягназаў аб непрыдатнасці да тэрміновай ваеннай службы». Праваабаронцы адзначаюць узрастанне ўзроўня рэпрэсіяў напярэдадні выбарчых кампаніяў 2010 года. «Гэта датычыць і жорсткага разгону апошніх акцыяў апазіцыі (такіх як акцыі салідарнасці і нават святкаванне Дня святога Валянціна), і нерэгістрацыі арганізацыяў, і папярэджанняў незалежным СМІ і недзяржаўным арганізацыям. Адсюль бачна, што ўлады распачалі падрыхтоўку да прэзідэнцкіх выбараў так, як яны гэта разумеюць. Гэта закручванне гаек, узмацненне рэпрэсіяў і спробы максімальна кантраляваць грамадзянскую актыўнасць», — заявіў Бяляцкі. Ацэньваючы першыя два месяцы 2010 года, складальнікі дакладу адзначылі, што ў лютым канфлікт паміж афіцыйным і неафіцыйным саюзамі палякаў прывёў да дыпламатычнага скандалу. Акрамя таго, у дні, калі праходзілі судовыя слуханні па справе аб прыналежнасці Дома польскага ў Івянцы, мелі месца масавыя затрыманні грамадскіх актывістаў, а кіраўнікам неафіцыйнага СПБ суды вынеслі адміністрацыйныя пакаранні. 8 лютага была разагнаная акцыя салідарнасці з ваўкавыскімі прадпрымальнікамі Мікалаем Аўтуховічам і Уладзімірам Асіпенкам, якія ўтрымліваюцца пад вартай, а журналістам, якія прышлі асвятляць акцыю, зноў перашкаджалі здымаць тое, што адбывалася, на фота- і відэакамеры. У сувязі з узмацненнем рэпрэсіяў праваабарончыя арганізацыі краіны заявілі пра намер правесці перамовы з сілавымі структурамі з мэтай пошуку шляхоў для нармалізацыі дзейнасці праваахоўных органаў пры забеспячэнні бяспекі падчас правядзення мірных акцыяў. Сустрэча была запланаваная на 19 лютага ў гатэлі «Еўропа». Аднак прадстаўнікі МУС і КДБ на сустрэчу не прышлі, а ў апошні момант адміністрацыя гатэля адмовілася ад дамоўленасці прадаставіць памяшканне, спаслаўшыся на тое, што яго арандавала «дэлегацыя з Бразіліі». «Зараз для уладаў больш зручныя метады затрымання і збіцця без складання пратаколаў, адміністрацыйныя штрафы, выкарыстанне арміі як інструманта рэпрэсіяў супраць моладзевых актывістаў, пагрозы і звальненні па месцы працы ці навучання. Але, на жаль, нішто не перашкаджае ўладам пры актывізацыі грамадства зноў вярнуцца да адміністрацыйных затрыманняў і крымінальнага пераследу», — падкрэсліў Бяляцкі ў эфіры «Радыё Свабода». У сваю чаргу, праваабаронца Валянцін Стэфановіч у інтэрв'ю БелаПАН адзначыў: «Улады змянілі форму рэпрэсіяў, што выклікана агульнай зменай знешнепалітычнай сітуацыі, якая адбылася ў 2008 годзе пасля вызвалення ўсіх палітвязняў і пачатку працэсу наладжвання дыялогу Беларусі і ЕЗ. Беларускія ўлады вырашылі зрабіць рэпрэсіі менш заўважнымі, але па-ранейшаму імкнуцца кантраляваць усё». Ён нагадаў, што цяпер удзельнікаў мірных акцыяў, напрыклад, часцей за ўсё затрымліваюць, а потым адпускаюць праз некалькі гадзінаў без складання пратаколаў. «Гэта значыць, акцыю правесці ўсё роўна немагчыма, але пры гэтым для спакою Еўропы не «псуецца» статыстыка асобаў, якія былі кароткатэрмінова пазбаўленыя волі (напрыклад, пакараныя арыштам на 15 сутак). Улады сталі часцей ўжываць штрафы», — адзначыў суразмоўца. На яго думку, пачатак 2010 года стаў «вельмі трывожным». Напярэдадні кампаніі па выбарах у мясцовыя саветы ўлады «пачалі паволі закручваць гайкі». «Выбарчыя кампаніі ў рэгіёнах фактычна праводзяць мясцовыя органы ўлады. І іх ахавальная задача ўсё яшчэ засталася актуальнай. Улады на месцах дзейнічаюць такім жа чынам, як і раней. Пры тым, што Цэнтральная камісія відавочна дэманструе жаданне як мага лепш арганізаваць працэс выбараў у мясцовыя саветы», — адзначыў Стэфановіч. Праваабаронца кажа, што ўжо назапасілася дастаткова фактаў ціску на тых прадстаўнікоў апазіцыі і грамадзянскай супольнасці, хто вырашыў якім-небудзь чынам прыняць удзел у мясцовых выбарах. «Кандыдатаў у дэпутаты выклікаюць у міліцыю для размовы, на чальцоў ініцыятыўных групаў аказваюць ціск па месцы працы, прымушаючы пісьмова адмаўляцца ад удзелу ў працы групы, актывістам пагражаюць звальненнем ці адлічэннем з месца навучання», — сказаў Стэфановіч. Ён не выключае, што неўзабаве хваля рэпрэсіяў можа ўзмацніцца. «Увосень нас чакае прэзідэнцкая выбарчая кампанія, значна больш жорсткая, — адзначыў Стэфановіч. — Можна прадбачыць віток рэпрэсіяў. Пакуль толькі незразумела, ці пойдуць улады на крымінальны пераслед па палітычных матывах альбо рэпрэсіі будуць насіць схаваны характар». http://charter97.org/be/news/2010/3/15/27327/ |