Назад

28.11.2008 Пінчукі выкінулі Леніна з фотальбомаў

А непагадзь пагражае зваліць яго з пастамэнту: кавальскія швы на помніку пачалі трэскацца і прапускаць вільгаць. Засталося ціскануць марозу і…

За савецкім часам у Пінску былі чатыры вулічныя помнікі Леніну. Да сёньня ацалеў толькі адзін. Гэтую пустую ўнутры бронзавую постаць стварыў у 1970 годзе масквіч Мойша Альтшулер. Тады ж скульптуру ў шэсьць мэтраў вышыні замацавалі на высокім пастамэнце ля былой каталіцкай бажніцы, якую савецкі КДБ выкарыстоўваў як турму.

Зусім нядаўна Пінск адзанчаў 911-ы дзень нараджэньня. Народ тоўпіўся на ленінскай плошчы , дзе весела гралі самадзейныя музыкі на традыцыйным палескім кірмашы. Мала хто з прысутных не карыстаўся фотаапаратам. Наводзілі аб’ектывы на дзяцей ля пухнатых хлебных караваяў, на мужчынаў ля бочкі зь півам, на жанчынаў, якія са шчэбетам прымервалі абноўкі.

Назіраючы за балаганам на базары заўважыла абыякавасьць людзей да бронзавага ідалу. Ніхто ў бок помніка Леніну знарок нават галаву не павярнуў. Ніводзін не захацеў сфатаграфавацца ля яго.

Кажу пра гэтыя свае ўражаньні пінскаму краязнаўцу Вячаславу Ільянкову. Ён не зьдзіўляецца. Паведамляе, што ля каменнага Леніна пінчукі ніколі ня мелі ахвоты фатаграфавацца.

– Я перагледзеў ужо сотні хатніх альбомаў з паштоўкамі, прафэсійнымі і аматарскімі здымкамі, – пераконвае спадар Вячаслаў, – магу засьведчыць, што некалі пінчукі жадалі быць сфатаграфаванымі ля фантанаў ці на набярэжнай ракі Піна. Асаблівай папулярнасьцю карысталася каменная лесьвіца да вады напачатку вуліцы Камсамольская. Амаль у кожнай сям’і захаваліся здымкі людзей на рачных лодках і катэрах. Шмат адлюстраваньняў касьцёлу Францысканцаў і царквы сьвятой Варвары. А вось помнікі Леніну напаткаў толькі на некалькіх кадрах.

Па меркаваньню спадара Ільянкова, мажліва, жыхары правінцыйнага Пінску пазбаўляліся ад здымкаў ля помніка правадыру рэвалюцыйнага перавароту пасьля чарговых разгромных пленумаў ЦК КПСС. Інакш як патлумачыць, што нават у краязнаўчым музэі няма ніводнага здымка Леніна ў сквэры насупраць будынку гідрамэліярацыйнага тэхнікума?.

– Я ж сам памятаю, як ля Ільіча, які адпачываў, седзячы на лаўцы, прыпыняліся дзеці. Няўжо ніхто не фатаграфаваў, калі гарэзы ўзьбіраліся Леніну на калені? – сумняваецца Вячаслаў Ільянкоў.

Ці доўга яшчэ бронзавы Ленін будзе займаць месца на старажытным замчышчы горада над Пінай?

– Калі ўлады ня прымуць рашэньне зьнесьці помнік, то стыхія гэтаму паспрыяе, – перакананы пінчук Мікалай Клімовіч, які апынуўся найбольш назіральным да ўзьдзеяньня сілаў прыроды на бронзавую статую.

Назіральнік ужо заўважыў, што кавальскія швы на помніку Леніну пачалі трэскацца і прапускаць вільгаць дажджу і сьнегу ва ўнутраную пустату помніка.

– Ападкі зьбіраюцца пераважна ў апорнай правай назе, – удакладняе Мікалай Клімовіч, – унутры ўжо саржавела мэталічнае ўмацаваньне і абавязкова калі-небудзь здарыцца, што ў крытычны мароз лопне кантакт між бэтонам і бронзай. У выніку Ленін бразьнецца аб зямлю...

Галіна Баравая "Барометр"

http://www.bulletinonline.org/main/Members/zacharias/bulletinfolder.2006-06-07.6125589863/bulletinedition.2008-11-02.3706492007#bulletinarticle.2008-11-26.1079117223

Назад