26.11.2008 Актывістку высяляюць з кватэры
Праваабаронца Раман Кісляк лічыць, што гэта помста брэсцкіх уладаў за шматлікія скаргі Жаны Абрамавай на парушэнне яе правоў.
Паводле рашэння суда Маскоўскага раёну Брэста, актывістку Жану Абрамаву павінны выселіць з кватэры без прапановы іншага жыллёвага памяшкання. Як паведамляе актывіст Руху “За Свабоду” Раман Кісляк, фактычна высяляюць таксама сёстраў Жаны Інгу і шасцігадовую Марыяну, а таксама іх маці.
– Калісьці ў 1989 годзе сям’я Абрамавых атрымала гэтую кватэру. Пазней яны запрасілі да сябе жыць бабулю з Украіны і прапісалі яе. Самі перапрапісаліся ў вёску. Калі бабуля была жыва, у кватэру прапісалася, як стала паўналетняй, Жана Абрамава, якая сумленна сплачвае ўсе камунальныя паслугі. Вярнуліся жыць у горад таксама маці і сястра Марыяна, – распавядае Раман Кісляк.
Бабуля Жанны памерла ў 2005 годзе. КУП ЖРЭУ г. Брэста лічыць, што Жана была прапісана ў дзяржаўнай кватэры па дамове паднайма. А паколькі наймальнік памёр, дагавор паднайма касуецца аўтаматычна.
Праваабаронца Раман Кісляк бачыць у гэтай гісторыі палітычныя чыннікі. Уся сям’я займае актыўную грамадскую пазіцыю. Жана, Інга і іх маці – сябры АГП. (Інга, якая зараз за мяжой, таксама актывістка Руху “За Свабоду”). Інга і Жанна шмат разоў скардзіліся на парушэнні іх правоў у пракуратуру Брэста. Скаргі дасылаліся таксама ў Генеральную пракуратуру і нават ААН. Праверку законнасці пражывання сям’і Абрамавых таксама ініцыявала пракуратура. Паводле рашэння апошняй і дзейнічаюць камунальшчыкі.
– На мой погляд, тут у любым выпадку парушаны правы дзіцяці, шасцігадовай Марыяны, якая не прапісаная, але нарадзілася ў Брэсце і тут вырасла. Хворае дзіцё высяляецца на вуліцу. Гэта амаральна і жорстка. Дзеянні ўладаў, на маю думку, груба парушаюць правы дзіцяці, – кажа Раман Кісляк.
Орган апекі аддзела адукацыі Маскоўскага раёну таксама выступіў у абарону дзіцяці, але яго голас не быў пачуты судом.