Назад

20.11.2008 Юбілей "паркетнага" тракту Палесься

70 гадоў споўнілася шашы між Пінскам і Берасьцем, якая збудаваная ўручную зь незвычайнага матэрыялу.

Далёка ня ўсё зь мінулай гісторыі беларускага Палесься падпадае пад прыдуманы ў савецкі час тэрмін "занядбаная паншчына". Прыклад гэтаму – трывалы да сёньня брукаваны тракт зь Пінску ў накірунку Іванава, Драгічына, Кобрына, Жабінкі і да Берасьця. Адметна, што ў дарожным будаўніцтве ў 1930-я амаль не давялося выкарыстоўваць прыродныя камяні, бо навокал былі балоты. Асноўным расходным матэрыялам стала цьвёрдая пінская "костка". Гэта быў прывабны шасьціграньнік з намёртва склееных цэмэнтным растворам кавалкаў гранітнай пароды.

Захаваліся зьвесткі, што пінскую "костку" прыдумаў польскі інжынэр Ежы Трылінскі. Ён на той час меў патэнт вынаходніцтва і пасьпяхова вёў сваю справу. Своеасаблівы "паркет" з "косткі" пакрываў ня толькі галоўную гандлёвую плошчу ля касьцёлу сьвятога Станіслава ў Пінску, але і шэраг вуліц, якія радыяльна апаясвалі цэнтар паселішча. Цікава, што сёлета да 910-годзьдзя Пінску будаўнікі ачысьцілі ад асфальту кавалак ранейшай плошчы, каб і надалей існаваў узор некалі новага тэхнічнага рашэньня ў дарожным будаўніцтве.

Таксама захаваўся да сёньня памятны знак у гонар афіцыйнага адкрыцьця дарогі Пінск-Берасьце ўвосень 1938 году. Гэта вэртыкальна ўсталяваныя, розныя па сваім памерам базальтавыя глыбы і груба абчэсаныя камяні. 70 гадоў таму на помніку была вялікая пліта зь медзі. Яе, аднак, скралі. Таму ў 1974 годзе давялося прымацоўваць шыльду зь белага мармуру. Выбіты надпіс сьведчыць: каменны знак пры дарозе ўнесены ў Звод помнікаў гісторыі і культуры Беларусі.

Найбольш поўныя зьвесткі пра будаўніцтва адметнай дарогі сабраў некалі пінчук Баян Міралюбаў, які загадваў мясцовым краязнаўчым музэям. У сваіх нататках ён тлумачыць, што таксама быў адным з будаўнікоў.

Як вынікае, заказчыкам будаўніцтва дарогі стала Міністэрства грамадзкіх працаў Польшчы. Гэтае ведамства скарыстала эканамічны крызыс, які ахапіў "усходнія крэсы" пасьля Рыскай мірнай дамовы. У 35-тысячным Пінску ў той час налічвалася больш як тры тысячы беспрацоўных. Амаль кожны зь іх атрымаў магчымасьць зарабіць за працоўны дзень адзін злоты і дваццаць грошай. За гэтую сумы тады можна было набыць кіляграм ялавічыны і булку хлеба. Разьлік вёўся штодзень.

У 1939-м "паркетны тракт" апрабавалі на трываласьць савецкія танкі. У 1941-м сюдой рушылі нямецкія "тыгры". Пазьней спрабавалі ламаць "костку" мясцовыя партызаны.

Вытрывала дарога. А яе вобраз увасоблены нават у творах мастакоў. Да прыкладу, у гэтыя дні на выставе графіка Яўгена Шатохіна ў ЗША дэманструецца праца "Акальцаваная дарога". Зьбягаюць за гарызонт "косткі", нібыта пясчынкі ў пясочным гадзіньніку, а абапал дарогі – таполі, на ствале кожнай зь іх белыя сыгнальныя палосы. Прыгожа і сымбалічна.

Галіна Баравая  "Барометр"

http://www.bulletinonline.org/main/Members/zacharias/bulletinfolder.2006-06-07.6125589863/bulletinedition.2008-11-02.3706492007#bulletinarticle.2008-11-20.8726913575

Назад