Назад

19.11.2008 Не абавязак вышэй за права!

Такі лейтматыў адказу атрымаў экс-кандыдат у дэпутаты па Берасцейскай-Усходняй выбарчай акрузе №3 Ігар Маслоўскі з Цэнтральнай камісіі РБ па выбарах і правядзенню рэспубліканскіх рэферэндумаў.

Варта нагадаць, што кандыдат у дэпутаты ад АДС Ігар Маслоўскі на наступны дзень пасля выбараў у адпаведнасці з заканадаўствам накіраваў заяву ў акруговую выбарчую камісіі з патрабаваннем прызнаць выбары па яго выбарчай акрузе несапраўднымі ў сувязі з грубымі і масавымі парушэннямі Выбарчага кодэкса. Да заявы прыкладалася 25 актаў аб парушэннях выбарчага заканадаўства. Адказу з акруговага выбаркама чакалі амаль месяц. У выніку забралі яго самі. Гэтая папера ўтрымоўвала набор фраз тыпу "зарэгістраваныя ўсе 111 дэпутатаў", а на ўсе довады і факты аб парушэннях не паведамлялася ні аб якіх матэрыялах іх праверкі.

Цэнтральная камісія ў сваім адказе, безумоўна, бліснула ведамі Выбарчага заканадаўства. Вось даслоўная вынятка з адказу "у актах паведамляецца, што назіральнікі пры падліку галасоў не мелі магчымасці аглядаць змест запоўненых бюлетэняў і не атрымлівалі інфармацыю аб выніках паасобнага падліку галасоў па кожнай скрыні для галасавання. Прыведзеная інфармацыя не сведчыць аб парушэнні выбарчага заканадаўства, паколькі ў Выбарчым кодэксе не утрымліваецца загадаў па пералічаных пытаннях". УРА! Камісія прызналася, што назіральнікі не бачаць змесціва бюлетэняў. Яшчэ адзін парадаксальны факт (або падвойныя стандарты) прыводзіць ЦК. Аказваецца што "інфармаванне назіральнікаў камісіямі з'яўляецца правам, але не абавязкам". Вось так! На практыцы не абавязак апынулася вышэй права.

З гэтага вынікае, што ўсе гэтыя гады, назіральнікі аказваецца, не мяшалі працаваць камісіям, а проста не маглі назіраць наогул выбары як такія, а інфармацыя для іх аб хадзе падліку галасоў неабавязковая. І усё гэта замацавана Выбарчым кодэксам. Прынцып галоснасці і адкрытасці выбараў бо ў Выбарчым кодэксе хоць і прапісаны, не утрымлівае "загадаў" па іх расшыфроўцы.

Яшчэ адзін "вечны" прынцып фармавання ўчастковых выбарчых камісій практычна з аднаго працоўнага калектыва на чале з яго начальнікам пацвердзіла Цэнтральная камісія. Яна, не саромеючыся, паведамляе, што "уключэнне ў склад камісіі працаўнікоў адной арганізацыі не пярэчыць патрабаванням выбарчага заканадаўства, паколькі вылучэнне прадстаўнікоў у склад камісіі праведзена рознымі суб'ектамі". Так і адбылося па ўсёй краіне, гэтыя суб'екты супалі ў кожнай камісіі: начальнік калектыва, як правіла, старшыня, падпарадкаваныя - чальцы камісіі. Брава Цэнтральная камісія. Пацвердзіла ў сваім адказе ўсе довады і факты АДС, простых выбарнікаў, міжнародных структур.

У сваёй скарзе ў Цэнтральную камісію, акрамя патрабавання прызнаць выбары несапраўднымі Ігар Маслоўскі дадаткова прасіў:

1. Паведаміць імя 111 дэпутатаў;

2. Паведаміць, ці вылучаліся акруговым выбарчым камісіям грошы на заказныя лісты;

3. Паінфармаваць акруговую выбарчую камісію аб правільным назове вышэйстаячай камісіі.

Але вось нюанс, Цэнтральная камісія ў адрозненне ад Выбарчага кодэкса не ведае Закона РБ "Аб зваротах грамадзян", паколькі не адказала на вышэйпералічаныя пытанні. А гэта пагражае адміністрацыйнай адказнасцю, за няпоўны, не аб'ектыўны і не ўсебаковы разгляд звароту.

Прэс-служба Берасцейскай абласной арганізацыі БСДП

Назад