04.11.2008 У Берасьцейскім тэхунівэрсытэце прэзэнтаваны зборнік вершаў
"І фізыкі, і лірыкі" – гэта чацьвёрты па ліку калектыўны твор студэнтаў, супрацоўнікаў і выпускнікоў.
Выкладчыца Тацяна Шульга, якая апекавалася гэтым праектам, лічыць, што адораныя людзі ёсьць паўсюль.
…Вёска Палесься стаіць прад вачыма:
Ціхая вуліца з пахам лучыны….
Толькі рабінка, гуляючы зь ветрам,
Ціха жыве, ня бачачы сьвету.
І не заўважылі, як яна вырасла,
распрыгажэлася і зажурылася…
Гэта Віталь Сарока, студэнт машынабудаўнічага факультэту. Ён і прасьпяваў публіцы яшчэ адзін хітовы твор, кароткі зьмест якога зводзіцца да таго, што закаханыя – гэта дзьве зоркі.
І словам, і песьняю адзначыліся Дзяніс Шынок з будаўнічага факультэту і здольны блюзмэн Анатоль Верамяюк з "машынкі".
Было чытана і многа вучнёўскага, "как бы стихов", але важна другое. Як сказаў запрошаны на прэзэнтацыю Мікола Папека, паэт-пчаляр з-пад Пружанаў і заснавальнік штогадовай Мядовай літаратурнай прэміі:
– Добра, што ў кіраўніцтва тэхнічнага як-ніяк ВНУ знаходзяцца сродкі на падтрымку таго, што дазваляе чалавеку заставацца чалавекам. У другім Берасьцейскім універсітэце, імя Пушкіна, дзе ёсьць філялягічны факультэт і факультэт замежных моваў, з гэтым бадай што бядней.
Сам спадар Мікола, адзін з самых першых ляўрэатаў прэміі "Гліняны Вялес", скупа абмовіўся перад публікай, пачынаючы свой выступ:
– Я быў паэт, цяпер не.
І прачытаў некалькі сваіх вершаў з ранейшых зборнікаў. Цяпер ён цалкам паглыбіўся ў гісторыю. У "Жырандолі", сёлетнім альманаху Берасьцейскага аддзялення Саюзу беларускіх пісьменньнікаў, некалькі старонак займаюць ягоныя камэнтары да знойдзеных ім самім фібулаў – старабытных пячатак. Але мне думаецца таксама і тое, што Папекава маўчаньне як паэта мае прыроду маўчаньня салаўя, калі ён заняты пошукам корму.
А некаторым корму шукаць і ня трэба – ён сам ідзе ім у рукі. Любоў Красіцкая, намесьніца кіраўніка Берасьцейскага аддзяленьня Саюзу пісьменьнікаў Беларусі, сказала, кіўнуўшы на Папеку, што яны сябруюць зь неафіцыйным Саюзам беларускіх пісьменьнікаў, і аб’явіла пра некалькі літаратурных конкурсаў да ўгодкаў клясыкаў расейскай літаратуры, падтрыманых іхнім Саюзам, і пра літаратурныя конкурсы, аб’яўленыя ў Маскве, "Палажэньне пра якія ёсьць у рэктараце".
Так што трымайся моцы, роднае слова…
Пётра Васілеўскі "Прыбужжа"