01.11.2008 Кнігазборы вяртаюцца дадому.Нажаль, часоваю.
У Брэсце праходзіць міжнародны форум, прысвечаны ўнікальным кніжным калекцыям. Усе яны вывезеныя з горада яшчэ ў XVI стагоддзі.
На працягу палутара гадоў намеснік дырэктара абласной бібліятэкі па навуцы Ала Мяснікіна вяла перапіску з вядомымі навукоўцамі, кнігазнаўцамі, архівістамі з Расеі, Украіны, Літвы і Польшчы. Менавіта там знаходзіліся ацалелыя кніжныя рарытэты. Ідэя сабраць усіх датычных да гэтай справы асоб выклікала вялікі рэзананс, а заяўленыя тэмы паказалі маштаб кніжнай спадчыны брэстчыны.
У выніку, на канферэнцыі пад назовам "Берасцейскія кнігазборы" у стэндавых дакладах удзельнікаў можна ўбачыць сямейную бібліятэку Сапегаў. Яна знаходзіцца ў фондзе Расійскай нацыянальнай бібліятэкі ў Санкт-Пецярбургу. Там жа захоўваецца кнігазбор Караля Нямцевіча.
Таксама прадстаўленыя выданні берасцейскай друкарні Радзівілаў. Ну а знакам кніжнага форума стала Евангелле 16 стагоддзі, якое захоўвалася ў бібліятэцы Томскага ўніверсітэта. На адной з яго старонак лацінкай выведзеная надпіс аб тым, што святая кніга падораная берасцейскай царкве св.Міхаіла жыхаром Брэста Стэфанам Літвінкам.
Убачыць можна і каталог 1783 гаду бібліятэкі бенедыктынскага кляштара Монтэ-Касіна з Гарадзішча, што пад Пінскам, і архіў Пінскага праваслаўнага духоўнага кіравання, і кнігазборы вядомых прадстаўнікоў шляхты, каталіцкіх мужчынскіх і жаночых кляштараў на тэрыторыі брэстчыны.
– Нажаль, вяртанне вывезеных з Беларусі помнікаў даўніны – гэта складаная праблема, – прызнаецца Ала Міхайлаўна. – Вырашыць яе можна толькі на міжурадавым узроўні. І ў бліжэйшай будучыні мы звернемся з гэтым пытаннем у Раду міністраў.
Хутчэй, вядома, усё сабраць у электронным варыянце. Гэта і маюць намер зрабіць працаўнікі бібліятэкі. Так што хутка ў Брэсце з'явіцца калекцыя копіяў рукапісных, старадрукаваных і дакументальных помнікаў літаратуры 16-19 стагоддзяў.
Хведар Агаф'еў "Берасцейка".