Назад

22.08.2008 Суд Кобрынскага раёна вынес рашэнне па справе Аляксандра Меха

Суд пад старшынчтвам суддзі А. Бабаскіна вынес рашэнне па справе Аляксандра Меха супроць кіраўніцтва Кобрынскага УМГ ААТ "Белтрансгаз" аб незаконным звальненні з працы..Падрабязнасці гэтай справы шырока асвятляліся рэгіанальнымі і нацыянальнымі медыямі. Суд адмовіў Меху у зыску па ўсіх пунктах. Такім чынам, суд прызнау правамоцным звальненне сп. Меха з працы і неабгрунтаванымі законам, яго патрабаванні ў выплаце матэрыяльных кампенсацый з боку адказчыка.

Прадстаўніук А. Меха праўны інспектар прафсаюза РЭП, праваабаронца Ўладзімір Малей гэтак каментуе вынік справы.

- Вынік канечне для нас не быў цалкам нечаканы. Мы з самага пачатку усведамлялі, што справа мае выразную палітычную афарбоўку, і таму рашэнне суду так-сама будзе палітычным. Але на нашым бааку былі такія аргументы і падставы, якія і пракурор і суд не палічылі неабгрунтаванымі, Таму ў душы мы спадзяваліся на справядлівае рашэнне суду. Але суд вынес рашэнне, якое не з'яўляецца заснаваным на законе. Гэта не значыць, што мы пагодзімся з такім вынікам працэсу. Мы будзем абскарджваць рашэнне Кобрынскага суду.

 

Вось як гэтая справа асвятлялася беларускімі медыямі ў інтэрнэце.

 

Партыя БНФ

Лявон Баршчэўскі: "Справа Меха была лякмусавай паперкай для ўладаў"

22 жніўня, Кобрын. 20 жніўня кобрынскі раённы суд пачаў разгляд справы былога работніка кобрынскага ўпраўленьня Белтрансгазу Аляксандра Меха. Сябар Партыі БНФ Аляксандр Мех быў звольнены з працы за ўдзел у парлямэнцкіх выбарах у якасьці кандыдата ў дэпутаты ад Партыі БНФ і ад адзінага сьпісу АДС.

Сёньня раніцай судзьдзя Аляксандр Бабаскін вынес прысуд: у іску адмовіць.

Аляксандр Мех сказаў наступнае:

- У іску адмовілі. Матывацыя такія, што ўсё яны зрабілі па закону. Але ж мы ў працэсе даказалі, што тыя пратаколы, якія былі прадстаўленыя прафкомам, зьўляюцца падробленымі. І гэта нават пракурор прызнала. Але ж яна сказала, што гэта не адмаўляе таго, што гэтыя паседжаньні прафкома былі. Учора мы падалі скаргу ў пракуратуру на дзеяньні прафкома, з-за гэтай падробкі дакумэнтаў. Таксама падалі пракурору кобрынскага раёну заяву ў сувязі з тым, што і калектыўная дамова, якая была прадстаўлена ў суд, таксама падробка.

- Будзеце працягваць удзельнічаць у выбарах?

- Так. Будзем чакаць рашэньня выбарчай камісіі. Далей, канешне, будзем прымаць сур’ёзныя заявы і па гэтаму выпадку, і па ўдзелу ў выбарах.

Старшыня Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі заявіў, што ў сувязі з адмоўным рашэньнем па справе Аляксандра Меха Партыя БНФ будзе гатовая прымаць самыя радыкальныя меры:

- Безумоўна, такое завяршэньне судовага працэсу сьведчыць, што выбарчая кампанія, якая адбываецца, носіць дыскрымінацыйны характар у дачыненьні да Партыі БНФ. Партыя будзе гатовая прымаць самыя радыкальныя меры. Справа Аляксандра Меха - гэта лякмусавая паперка, якая паказала нежаданьне ўладаў зрабіць выбары дэмакратычнымі. Гэта ж ня проста пытаньне выбараў, але і пытаньня жыцьця чалавека, дабрабыту яго сям'і. Магу яшчэ раз падкрэсьліць, што Партыя БНФ будзе рэагаваць вельмі востра.

http://pbnf.org/index.php?index=2&id=3160

 

Радыё "Свабода"

А. Мех: “Гэты суд — прыклад цынізму і здрады ўлады”

22.08.2008 14:29  Вячаслаў Кулік

Сёньня судзьдзя Кобрынскага раёну Аляксандар Бабаскін вынес рашэньне адмовіць сябру Партыі БНФ Аляксандру Меху па ўсіх пунктах яго пазову.

Заяўнік патрабаваў аднавіць яго на працы ў “Белтрансгазе”, кампэнсаваць матэрыяльныя і маральныя страты. Вынік, як кажа Аляксандар Мех, яго расчараваў:

“Я не чакаў, зусім не чакаў такога рашэньня. Доказы, якія мы прадставілі суду, — стопрацэнтныя, што ўся гэтая справа сфальшаваная. Яна — прыклад падману, цынізму і здрады ўлады, якая цяпер у Беларусі”.

Суд у Кобрыне доўжыўся тры дні. Прысутнічала практычна ўсё кіраўніцтва партыі БНФ, актывісты апазыцыі зь Берасьцейшчыны, журналісты.

Юрыст прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці Ўладзімер Малей, грамадзкі абаронца Аляксандра Меха, заяўляе, што рашэньне Кобрынскага райсуду будзе абскарджана:

“Адразу напісалі, каб нам выдалі матывіровачную частку рашэньня. Будзем падаваць касацыйную скаргу. А калі я выступаў у судзе, то казаў, што палітычнае становішча ў Беларусі зьмяняецца, з турмаў вызваленыя ўсе палітычныя зьняволеныя. Прасіў: “Не рабіце вы таксама памылку!” Але да мяне суд не прыслухаўся”.

Інжынэр Аляксандар Мех быў звольнены з Кобрынскага ўпраўленьня магістральных газаправодаў ААТ “Белтрансгаз” у чэрвені гэтага году. Перад гэтым начальнік Кобрынскага УМГ Уладзімер Галашка і начальнік Кобрынскай управы КДБ Андрэй Басько 16 хвілін вялі зь ім так званую прафіляктычную гутарку. Пад пагрозай звальненьня з працы яны змушалі Меха адмовіцца ад удзелу ў выбарах, казалі, што ён ня знойдзе працы ва ўсёй Беларусі, ціснулі на тое, што ў Аляксандра ёсьць сям’я — малыя дзеці і жонка. Прапановы начальніка і кадэбіста Аляксандар Мех запісаў на дыктафон. Гутарка была агучаная ў эфіры “Свабоды” і надрукаваная ў газэце “Народная воля”.

Аляксандар Мех мае дзьве вышэйшыя адукацыі. Больш як 14 гадоў ён працаваў інжынэрам ААТ “Белтрансгаз”. Быў звольнены сёлета ў чэрвені, калі прыняў рашэньне ўдзельнічаць у парлямэнцкіх выбарах. На сёньня Аляксандар Мех — прэтэндэнт на дэпутацкі мандат у Кобрынскай выбарчай акрузе № 12.

http://www.svaboda.org/content/Article/1193078.html

 

"Народная воля"

Аляксандр Мех застаецца беспрацоўным

Віталь ГАРБУЗАЎ

Суд Кобрынскага раёна сёння вынес рашэнне па справе Аляксандра Меха. Нечаканасці не адбылося – Меху адмоўлена па ўсіх пунктах іску. Ён застаецца беспрацоўным.

Нагадаем, што з пасады інжынера гэтай арганізацыі Мех быў звольнены 30 чэрвеня. Аляксандр Мех звязвае сваё звальненне з працы з намерам балатавацца ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. “Народная воля” знаёміла сваіх чытачоў з раздрукоўкай размовы, якая адбылася ў кабінеце начальніка Кобрынскага ўпраўлення ТАА “Белтрансгаз” Уладзіміра Галашкі. На ёй таксама прысутнічаў начальнік Кобрынскага ўпраўлення КДБ Андрэй Басько. Гэтыя людзі спрабавалі адгаварыць Меха ад удзелу ў парламенцкай кампаніі, адкрыта заявілі яму, што ўдзел у выбарах будзе каштаваць яму працы. Мех адмовіўся ад “своеасаблівай” прапановы і быў звольнены.

Мех патрабаваў аднавіць яго на працы, спагнаць з адказчыка грошы за вымушаны прагул, а таксама выплаціць яму кампенсацыю ў памеры 1 мільёна рублёў.

Аднак суддзя Аляксандр Бабаскін вынес рашэнне – па ўсіх пунктах іску Аляксандру Меху адмоўлена. Такім чынам, сябра Партыі БНФ на працы адноўлены не будзе.

“Канешне, я не задаволены рашэннем суда, -- сказаў “Народнай волі” Аляксандр Мех. – Яно будзе абскарджана мной у самы бліжэйшы час. Акрамя таго, сёння я падаў скаргу ў пракуратуру, у якой папрасіў правесці праверку наконт сапраўднасці дакументаў, якія ў суд прадаставілі прадстаўнікі адказчыка. У мяне ёсць падазрэнне, што гэтыя паперы несапраўдныя”.

http://nv-online.info/index.php?c=nw&i=18485

 

Радыё Рацыя

22-08, 11:25

Аляксандру Меху ў іску адмовілі

20 жніўня кобрынскі раённы суд пачаў разгляд справы былога работніка кобрынскага ўпраўлення Белтрансгазу Аляксандра Меха. Сябар партыі БНФ А.Мех быў звольнены з працы за ўдзел у парламенцкіх выбарах.

Сёння раніцай суддзя Аляксандр Бабаскін вынес прысуд: у іску адмовіць.

Для Рацыі Аляксандр Мех сказаў наступнае:

- У іску адмовілі. Матывацыя такія, што ўсё яны зрабілі па закону. Але ж мы ў працэсе даказалі, што тыя пратаколы, якія былі прадстаўлены прафкомам, яны з’ўляюцца падробленымі. І гэта нават пракурор прызнала. Але ж яна сказала, што гэта не адмаўляе таго, што гэтыя паседжанні прафкома былі. Учора мы падалі скаргу ў пракуратуру на дзеянні прафкома, з-за гэтай падробкі дакументаў. Таксама падалі пракурору кобрынскага раёну заяву ў сувязі з тым, што і калектыўная дамова, якая была прадстаўлена ў суд, таксама падробка.

- Будзеце працягваць удзельнічаць у выбарах?

- Так. Будзем чакаць рашэння выбарчай камісіі. Далей, канешне, будзем прымаць сур’ёзныя заявы і па гэтаму выпадку, і па ўдзелу ў выбарах.

http://racyja.by/news/materyyaly/elections/5735.html

 

Сайт Аляксандра Мілінкевіча

Скарга Аляксандра Меха пакінутая без задавальнення

22/08/08

Суддзя Кобрынскага раённага суду Аляксандр Бабаскін адмовіў актывісту Руху “За Свабоду” у аднаўленні на працы.

У судзе былі прыведзены доказы таго, што звальненне Аляксандра Меха з’яўляецца палітычна матываваным, што быў парушаны сам парадак звальнення з боку кіраўніцтва Кобрынскага упраўлення магістральных газаправодаў. На судзе былі прадстаўлены доказы таго, што калектыўная дамова, прадстаўленая на суд Кобрынскім УМГ, а таксама пратакол паседжання прафкома і вынятка з яго з’яўляюцца падробкай.

У калектыўнай дамове, пададзенай у суд, замест 199 старонак, пазначаных у зместу, прысутнічае толькі 46 старонках. У калектыўнай дамове падшытыя дзве 19-старонкі, якія не супадаюць па сэнсу з 18 старонкай, дый да таго ж адрозніваюцца! Калектыўная дамова падпісана гендырэктарам ТАА “Белтрансгаз” З. Казаковым і кіраўніком прафкама В. Варанцом, але ж на ўнутраных старонках стаяць подпісы намесніка дырэктара “Белтрансгаза” В. Калачыка. На апошняй старонцы, дзе пазначана, што дамова мае 46 старонак, не улічана 1-я старонка, дзе стаіць рэгістрацыя калектыўнай дамовы.

Вынятка з пратакола прафкама не супадала з пратаколам паседжання. У пратаколе не пазначана колькасць сябраў прафкама, не напісана, ці было галасаванне, а таксама шмат іншых недакладнасцяў.

Не гледзячы на дадзеныя факты, суддзя Кобрынскага раённага суду Аляксандр Бабаскін адмовіў у задавальненні іску аб аднаўленні на працы, выплаце кампенсацыі за маральны ўрон і за вымушаны прагул, а таксама аб спыненні палітычнай дыскрымінацыі.

Аўдыёзапіс размовы, якая адбылася 4 чэрвеня паміж Аляксандрам Мехам, дырэктарам Кобрынскага УМГ Уладзімірам Галашкам і кіраўніком мясцовага КДБ Андрэем Басько, дзе Меху пагражалі звальненнем за удзел у выбарчай кампаніі, суд адмовіўся далучыць да справы. Дакументы, дасланыя з акруговай камісіі, пад увагу таксама не браліся. На думку Аляксандра Меха, іх запыт рабіўся, каб зацягнуць разгляд справы.

– Мы учора падалі заяву у пракуратуру на імя пракурора Кобрынскага раёна Міхаіла Запарошчанкі аб тым, што пратаколы прафкома, прадстаўленыя ў суд Кобрынскім УМГ з’яўляюцца падробкай. Сёння была пададзены заява на імя Міхаіла Запарошчанкі аб тым, што калектыўная дамова, прадстаўленая суду таксама падроблена. Усе факты, на падставе якіх зроблена такая выснова перададзены у пракуратуру, – кажа Аляксандр Мех.

http://by.milinkevich.org/index.php

Назад