Назад

21.08.2008 Кобрын: апазіцыйны актывіст судзіцца з "Белтрансгазам"

Сёння Кобрынскі раённы суд разглядаў скаргу актывіста Партыі БНФ Аляксандра Меха на яго звальненне з Кобрынскага ўпраўлення магістральных газаправодаў ААТ "Белтрансгаз".

Абвешчана, што рашэнне будзе вынесенае заўтра.

У паведамленні для "Свабоды" Аляксандр Мех заявіў:

"Маё звальненне - гэта было палітычнае пытанне. І тое рашэнне, што, як я мяркую, прыме суд, таксама будзе палітычным. Тыя дакументы, якія мы прадставілі сёння ў суд, дэманструюць, што наймальнік парушыў літаральна ўсе мае правы. Але ж на яго баку вось гэтая кантрактная сістэма, пры якой ён заяўляе: "Наймальнік мае права не падоўжыць кантракт без тлумачэння".

Аляксандр Мех падзякаваў за маральную падтрымку сябрам апазіцыі. Паводле яго словаў, у яго "групе падтрымкі" з Берасцейшчыны было больш за 20 чалавек. У Кобрыне былі таксама лідэры партыі БНФ Лявон Баршчэўскі, Вінцук Вячорка і Аляксей Янукевіч.

Аляксандр Мех мае дзве вышэйшыя адукацыі. Больш як 14 гадоў ён працаваў інжынерам ААТ "Белтрансгаз". Быў звольнены сёлета ў чэрвені, калі прыняў рашэнне ўдзельнічаць у парламенцкіх выбарах. На сёння Аляксандр Мех - прэтэндэнт на дэпутацкі мандат у Кобрынскай выбарчай акрузе №12.

Вячаслаў Кулік

http://www.svaboda.org/content/Article/1192588.html

Назад