21.08.2008 У Кобрыне Аляксандр Мех праз суд патрабуе аднавіць яго на працы
20 жніўня, Кобрын. У судзе Кобрынскага раёну адбываецца судовае паседжанне па заяве прэтэндэнта ў кандыдаты дэпутата Палата прадстаўнікоў, сябра Партыі БНФ Аляксандра Меха па ўзнаўленні яго на працы і ў выплаце маральнай шкоды ў памеры 1 мільёна рублёў. Нагадаем, Аляксандр Мех 30 чэрвеня быў звольнены з працы з афіцыйнай фармулёўкай "па прычыне заканчэння тэрміну кантракта". На самой справе, 38-гадовы інжынер Кобрынскага упраўлення ААТ Белтрансгаз А. Мех быў звольнены за тое, што не прыняў умовы дырэкцыі ўпраўлення і начальніка Кобрынскага аддзела КДБ ня ўдзельнічаць у выбарах. Размову аб пагрозах звальнення за ўдзел у выбарах Мех запісаў на дыктафон мабільніка.
Юрыст прадпрыемства ў судзе гаварыла аб тым, што Мех пісьмова не ўказаў на нязгоду наконт яго звальнення. Паставіла суд у вядомасць аб яго недахопах у працы. Тым ня менш адзначыла, што Мех нараканняў ня меў, а меў толькі адны падзякі. Абаронцам Меха ў судзе быў юрыст, праваабаронца Уладзімір Малей. Ён даказаў, што калектыўная дамова была падробленая і гэта ўносіць свае карэктывы ў працу судовага разбіральніцтва. Таксама было адзначана, што Аляксандр працаваў інспектарам па ахове працы і з ім няправільна заключылі дамову ў 2007 годзе на 1 год. Дамова заключаецца па законе ня менш чым на 3 гады.
Уладзімір Малей сказаў:
- Суддзя па майму ўражанню вядзе паседжанне добра, дае магчымасць бакам прадстаўляць доказы. І тыя, што ў нас былі, мы ўсе прадставілі. Засталося заслухаць сведку - старшыню прафсаюзнай арганізацыі Кобрынскага упраўлення Белтрансгаз. Да яго ёсць пытанні.
Гаворыць Аляксандр Мех:
- Галоўнае ў гэтым працэсе, гэта разгляд выкарыстання працоўных кантрактаў, як спосаб барацьбы з апазіцыйна настроенымі людзьмі.
На судовае паседжанне прыехаў старшыня Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі, які сказаў:
- На жаль, мы зараз жывем у такой краіне, дзе любыя судовыя рашэнні, якія датычацца грамадска-актыўных людзей непазбежна маюць палітычны кампанент. І ў мяне такое ўражанне складаецца, што рашэнне ў справе Меха будзе палітычнае, паколькі калі сыходзіць з чыста юрыдычнай фармальнасці, то Меха можна было ўзнавіць на працу ўжо даўно, не чакаючы гэтага суду. Але, якое рашэнне прыме суд, пакуль што прадказаць цяжка, мне здаецца, на баку Аляксандра Меха вельмі моцныя аргументы.
На паседжанні суду таксама прысутнічаюць першы намеснік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка, намеснікі Аляксей Янукевіч, Юрась Губарэвіч, сакратар Управы Партыі БНФ Валянціна Свяцкая.
12:19, 20 жніўня 2008, Радыё Рацыя
http://pbnf.org/index.php?index=2&id=3151