19.08.2008 У справе Алеся Меха акрэсліліся новыя павароты
У Кобрыне звольнены за ўдзел у выбарах інжынер змагаецца на двух франтах: хоча прайсці ў парламент і аднавіцца на працы ў "Белтрансгазе".
Але найперш да руціны выбарчай кампаніі. У суботу наведалі ўчастковую камісію.
- Не здаем усе назбіраныя - гэта каля 4 тысяч подпісаў. Так лепш для справы, - кажа спадар Мех. - У ініцыятыўнай групе 25 чалавек. Але хапіла б некалькі зацятых. "На рахунку" бацька, дзякуй яму, за 400. 500 подпісаў - пенсіянер Аляксандр Сямёнавіч Елісееў.
- Я б і тысячу назбіраў, - упэўнены спадар Елісееў. - За ўвесь тэрмін лёгка.
- Людзі ня любяць несправядлівасць, таму сёлета падпісваліся наперабой, - распавядае жонка Аляксандра Меха Наталля. Яна таксама назбірала каля 200 подпісаў. Але яшчэ лепш правярае назбіранае другімі: як настаўніца, адразу бачыць памылкі.
- Апошнія два дні займаліся толькі тым, што вычытвалі. Ні адной памаркі не прапушчана. Подпісы вычытаныя па некалькі разоў, - кажа кандыдат у дэпутаты.
За прамінулы тыдзень у справе Аляксандра Меха два сігналы. Не зарэгістраваны ні адзін з кандыдатаў каманды Меха ва ўчастковыя выбарчыя камісіі. З другога боку, на з'ездзе Партыі БНФ у суботу 9 жніўня старшыня партыі Лявон Баршчэўскі падзяліўся навінай: з ім на працягу 20 хвілінаў гутарыў галоўны рэдактар "Советской Белоруссии" Павел Якубовіч і абяцаў дабіцца аднаўлення на працы неправамоцна звольненага.
Разгляд справы па сутнасці ў Кобрынскім судзе адбудзецца 20 жніўня. Пачатак а 10-й гадзіне. Але і папярэдні разгляд ужо ўстанавіў, што прычынай звальнення спадара Меха быў удзел у выбарах.
Пётр Васілеўскі