Назад

14.08.2008 Кіраўнік ініцыятыўнай групы па вылучэнні кандыдатам у дэпутаты аднаго з актывістаў берасцейскай апазіцыі накіравала скаргу ў акруговую выбарчую камісію

Брэст, 13 жніўня. 13 жніўня Святлана Алясюк - кіраўнік ініцыятыўнай групы па вылучэнні кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў старшыні Берасцейскай абласной арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігара Маслоўскага - накіравала скаргу ў Берасцейскую-Усходнюю выбарчую акругу № 3.

Як паведамілі БелаПАН у прэс-службе абласной партыйнай арганізацыі, падставай для скаргі сталі дзве публікацыі ў мясцовых СМІ - газеце "Брестский Вестник" (заснавальнік - Берасцейскі гарвыканкам) ад 17 ліпеня і ў газеце "Народная трибуна" (заснавальнікі - Берасцейская абласная Рада дэпутатаў і Берасцейскі абласны выканкам) ад 9 жніўня гэтага года. У іх дадатна прадстаўленыя дзелавыя, палітычныя і асабістыя якасці Ганны Анішчук, чыя ініцыятыўная група па вылучэнні кандыдатам у дэпутаты парламента зарэгістраваная ў Берасцейскай-Усходняй выбарчай акрузе №3.

Алясюк  расцэньвае дадзеныя публікацыі як перадвыбарную агітацыю, якую ў адпаведнасці са артыкуламі 45 і 46 Выбарчага кодэкса Беларусі можна ажыццяўляць толькі пасля афіцыйнай рэгістрацыі кандыдата. Акрамя таго, лічыць аўтар скаргі, падобныя матэрыялы ўплываюць на хаду збору подпісаў у карысць Анішчук і тым самым істотна ўшчымляюць правы іншых грамадзян, якія выявілі жаданне зарэгістравацца ў якасці кандыдатаў у дэпутаты па гэтай жа акрузе, у тым ліку - Маслоўскага. Яго ініцыятыўная група таксама зарэгістраваная ў Берасцейскай-Усходняй выбарчай акрузе № 3.

Кіраўнік ініцыятыўнай групы Маслоўскага просіць акруговую выбарчую камісію ў адпаведнасці з Выбарчым кодэксам "вынесці рашэнне аб адмове Ганне Анішчук у рэгістрацыі яе кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага збору без папярэджання".

Ларыса Шыганава, БелаПАН

Назад