Назад

25.07.2008 Апазыцыянэраў звальняюць з працы за тое, што яны ідуць на выбары. Сябраў ініцыятыўных груп запалохваюць. Праца альбо выбары?

Старшыня Партыі БНФ Лявон Баршэўчкі накіраваў галоўнаму рэдактару дзяржаўнай газэты "Советская Белоруссия" Паўлу Якубовічу ліст з прапановай надрукаваць расшыфроўку запалохваньняў супрацоўнікам КДБ актывіста партыі Алеся Меха з Кобрына. Перад Мехам паставілі ўмову: удзел у выбарах альбо праца. Калі той адмовіўся, яго звольнілі з Кобрынскага упраўленьня магістральных газаправодаў ААТ "Белтрансгаз".

Ліст быў накіраваны пазаўчора вечарам.

«Сытуацыя відавочная, і прыклад Меха павінен быць нагодай усім СМІ паразважаць, што такое гэтыя выбары, ці можна іх лічыць ня проста справядлівымі, але нават прыстойнымі. Чалавека, які прызнаны лепшым працаўніком у фірме, звальняюць толькі за тое, што ён сабраўся выставіць сваю кандыдатуру... Раней такія прыклады былі, але спадару Меху ўдалося запісаць размову з кэдэбістам, што ёсьць угрунтаваным доказам».

Улада павінна ўзнавіць Меха на працы і папрасіць прабачэньня, - перакананы спадар Баршчэўскі:

«Калі ўлада гэтага ня зробіць, гэта значыць, што выбараў няма, што ёсьць беспрэцэдэнтны ціск, непавага да элемэнтарных прынцыпаў. Справа Меха – гэта дастатковая падстава, каб разглядаць, што нармальнай выбарчай кампаніі ў Беларусі няма. У нас многія сябры партыі схіляюцца да думкі, што калі будзе працягвацца ціск, удзельнічаць у гэтай выбарчай кампаніі сэнсу няма».

http://pbnf.org/index.php?index=2&id=3063

Назад