24.07.2008 Заявы Брэсцкага праваабаронцы Ўладзіміра Малея ў Цэнтрвыбаркам
Брэсцкі праваабаронца Ўладзімір Малей адправіў заявы ў Цэнтрвыбаркам, абласны выканаўчы камітэт, прэзідыўм абласнога Савета дэпутатаў і камісію Мухавецкай выбарчай акругі №4.
У іх ён паведаміў, што ў склад акруговай камісіі трапіў Аляксандр Васільевіч Францэвіч, начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы Маларыцкага выканкама, які не варты быць яе сябрам. Чаму? Таму што на папярэдніх парламенцкіх выбарах 2004 года гэты чалавек таксама быў абраны сябрам камісіі Мухавецкай выбарчай акругі №13, дзе дапусціў наступнае парушэнне.
У дзень галасавання, 17 кастрычніка 2004 года, сябра камісіі Валерый Карпінчык, слесар мясцовага ЖКГ, сябра Партыі БНФ, атрымаў заданне ад сакратара камісіі Аляксея Бычко прыбыць у райвыканкам і разам з А. Францэвічам ажыццявіць прыём пратаколаў і бюлетэняў, а потым прыбыць з імі ў акруговую камісію ў Брэст.
Але калі ў вызначаны час В. Карпінчык прыйшоў у райвыканкам, дык яго не прапусціў дзяжурны міліцыянер. Праз некалькі гадзін абураны сябра камісіі тэлефанаваў уначы кандыдату ў дэпутаты Мухавецкай акругі №13 Ўладзіміру Малею, а той - старшыні камісіі Сямёну Клейману. Аднак і пасля гэтага В. Карпінчыка так і не дапусцілі на падліку пратаколаў і бюлетэняў. Там тры гадзіны знаходзіліся толькі А. Францэвіч і супрацоўнікі райвыканкама. Можна толькі здагадвацца, чым яны там займаліся. І толькі ў 5 гадзін раніцы 18 кастрычніка В. Францэвіч прывёз у акруговую камісію пратаколы ўчастковых выбарчых камісій Маларыцкага раёна.
Таму Ўладзімір Малей прасіў Цэнтрвыбаркам, Берасцейскі выканаўчы камітэт, прэзідыўм абласнога Савета дэпутатаў і камісію Мухавецкай выбарчай акругі выключыць Аляксандра Францэвіча са склада акруговай камісіі.