21.07.2008 Дапытаны кандыдат ў дэпутаты і сябра выбарчай камісіі
21 ліпеня 2008 г. камісія Кобрынскай выбарчай акругі № 12 зарэгістравала ініцыятыўную групу прэтэндента ў кандыдаты Аляксандра Меха, сябра Партыі БНФ, уключанага ў адзіны спіс кандыдатаў ад АДС.
Нагадаем, што ён інжынер высокай кваліфікацыі Кобрынскага ўпраўлення магістральных газаправодаў ААТ "Белтрансгаз", быў звольнены па сканчэнні тэрміну гадавога працоўнага кантракту. На самрэч, як сведчыць яго гутарка з начальнікам мясцовага аддзелу КДБ Баськом і начальнікам ўпраўлення Галашкам (дыктафонны запіс зафіксаваў гэтую размову, якая надрукавана ў газеце "Народная Воля" №№101-102 ад 11 ліпеня 2008 г.) Яго звольнілі за намер прыняць удзел у выбарах у парламент, але ён не здрадзіў сваім жыццёвым прынцыпам.
А 8 гадзіне раніцы Алесь Мех выслаў скаргу старшыні Цэнтрвыбаркаму Лідзіі Ярмошынай на парушэнні выбарчага кодэксу. Пасля чаго пайшоў у Кобрынскі РАЎС у кабінет № 13, што на другі паверсе, да л-та Сушкова Зміцера Ігарэвіча, інспектара крымінальнага вышуку. Дзе ў Алеся Меха ўзялі тлумачэнні, дзе ён быў 3 ліпеня. Яго спыталі, ці ёсьць ў яго знаёмыя, якія служылі ў войску і якія валодаюць зброяй, ці ёсьць ў яго сваякі ў Менску, і якой машынай ён валодае. Ён адказаў, што знаходзіўся ў Кобрыне, што яго больш нічога не цікавіць, Потым прапанавалі здаць адбіткі пальцаў і здаць "букальны эпітэлій". Алесь адмовіўся здаваць эпітэліі таму, што яны не прадставаілі "надзвычай сакрэтныя дакументы", якія, нібыта, былі падпісаныя міністрам унутраных спраў Навумавым. Праз паўтары гадзіны яго адпусцілі на волю.
Акрамя кандыдата дапыталі сябра яго ініцыятыўнай групы Алеся Страчука і сябра акруговай выбарчай камісіі №12 Яўгена Лук'янчанку. У іх таксама ўзялі адбіткі пальцаў, і больш таго, "букальны эпітэлій". Таксама быў падвергнуты псіхалагічнаму ціску яшчэ адзін сябра выбарчай каманды Алеся Меха - Дзяніс Жыгавец, якога супрацоўнікі міліцыі таксама выклікалі на размову, каб даведацца, дзе ён быў 3 ліпеня.
А 17.30 пасля паседжання акруговай выбарчай камісіі №12 Алесь Мех атрымаў пасведчанні сябраў ініцыятыўнай групы па збору подпісаў і падпісныя лісты.
Ёсць падстава на справе ажыцявіць тое, на што указаў Генеральны пракурор Беларусі Рыгор Васілевіч. Паводле ягоных словаў, цяпер вельмі важна "прасеяць і дапытаць" максімальную колькасць людзей: "На вялікі жаль, падазраваныя ва ўчыненьні выбуху ў Менску яшчэ не затрыманыя. Праводзіцца сур'ёзная аналітычная праца ў рамках даследвання крымінальнай справы аб выбуху, якая ідзе па ўсёй рэспубліцы. Людзі, якія затрыманыя ў рамках крымінальнай справы, апытваюцца, мова ня ідзе аб тым, ці вінаватыя яны, проста ідзе напружаная праца па раскрыцці крымінальнай справы",-- цытуе Васілевіча Інтэрфакс. Масавыя апытанні грамадзян міліцыяй спадар Васілевіч назваў "выдаткамі следства", да якіх насельніцтву трэба паставіцца з разуменнем.