15.07.2008 Акруговыя камісіі створаны
Сёння, 14 ліпеня, у Брэсце на сумесным паседжанні прэзідыюма абласнога Савета дэпутатаў і абласнога выканаўчага камітэта адбылося зацверджванне спіса 208 сябраў 16 акруговых выбарчых камісій.
Усяго была вылучана 260 прэтэндэнтаў: 84 – шляхам збору подпісаў, 65 – ад грамадскіх арганізацый, 56 – ад палітычных партый і 55 – ад працоўных калектываў. Як падкрэсліў губернатар Берасцейшчыны Канстанцін Сумар, які вёў паседжанне, камісіі павінны працаваць такім чынам, каб выбары прайшлі адкрыта і празрыста: “Не трэба шукаць “блох” у кандыдатаў у дэпутаты”.
Карыстаючыся сваім правам, рашэннем аблвыканкама ў акруговыя камісіі былі ўключаны 14 прадстаўнікоў абласнога выканаўчага камітэта. У сваю чаргу прэзідыюм абласнога Савета уключыў яшчэ 14 сваіх прадстаўнікоў. Такім чынам адразу 28 прадстаўнікоў тутэйшай улады трапіла ў склад акруговых камісій – “па уладнаму спісу”: іх імёны не называліся.
Фактычна выбіралі 180 чалавек, вылучаных у камісіі. На гэты раз вырашалі, каб у камісіі увайшло па максімальна дапушчальнай колькасці сябраў – па 13 у кожнай. Была сказана, што ў кожную камісію трапілі прадстаўнікі усіх палітычных партый і што не трэба дзяліць кандыдатаў на “чырвоных” і “белых”, “левых” і “чорных”. Тым не меней, найбольшае прадстаўніцтва ў складзе камісій належыць “прапрэзідэнцкім” партыям: КПБ (9), Аграрнай (4), Партыі працы і справядлівасці (3).
Брэсцкая абласная арганізацыя БНФ вылучала 9 кандыдатур у сябры акруговых выбарчых камісій, але туды трапіла толькі 2 (два) чалавекі. Абласная арганізацыя АГП вылучала 8 чалавек, а ў камісіі апынулася таксама 2 (два) сябра партыі. Яшчэ горш сітуацыя з сябрамі ПКБ і БСДП (Грамада). Першая вылучала ў камісіі 4 сябры па чатырох акругах, дзе плануецца вылучэнне ў кандыдаты сябраў партыі, але ўключылі толькі аднаго. “Грамада” вылучала двух сябраў, уключылі аднаго.
Не знайшлося месца ў камісіях і для грамадскага актывіста, даверанай асобе А.Мілінкевіча, міжнароднага назіральніка Сяргея Вакуленкі, які вылучаўся ў сябры камісіі па Брэсцкай цэнтральнай выбарчай акрузе №2 шляхам збору подпісаў. Як адказаў сябра Цэнтрвыбаркама, начальнік галоўнага упраўлення арганізацыйна-кадравай работы Аляксандр Каляда, у той акрузе была самая высокая канкурэнцыя: 22 прэтэндэнта на 13 месцаў, таму там не хапіла месца ўсім жадаючым. С.Вакуленка падае скаргу ў Цэнтрвыбаркам, дзе просіць растлумачыць, па якіх матывах ён не трапіў у акруговую камісію.
Высокая канкурэнцыя склалася таксама ў брэсцкіх Заходняй, Усходняй, Мухавецкай выбарчым акругах, дзе вылучалася не меней чым па 20 сябраў камісій. Найменьшая – па Івацэвіцкай выбарчай акрузе №11: 14 чалавек на 13 месцаў. Сярод грамадскіх арганізацый самае высокае прадстаўніцтва належыць “Белай Русі” і БРСМ – амаль у кожнай з 16 камісій.
З апазіцыі трапілі ў склад камісій Рыгор Бакіевіч (сябра
БНФ - па Брэсцкай цэнтральнай выбарчай акрузе №2) і Людміла Дзенісенка (першы
сакратар Брэсцкай гарадской арганізацыі ПКБ - па Мухавецкай выбарчай акрузе №4).
На працягу трох дзён пасля сумеснага паседжання камісіі павінны выбраць свае
кіроўныя органы.