05.06. 2008 Актывіста партыі БНФ звальняюць з "Белтрансгазу"
Кіраўніка кобрынскай суполкі партыі БНФ Аляксандра Меха папярэдзілі пра звальненне з працы.
Актывіст кажа, што гэты звязана з яго намерам удзельнічаць у будучых парламенцкіх выбарах.
Аляксандр Мех працуе ў Кобрынскай управе магістральнага газаправоду "Белтрансгазу" ўжо 14 гадоў. Быў майстрам, зараз - інжынер. Што да працы, кажа, ніякіх прэтэнзіяў да яго няма. Між тым сёння, 4 чэрвеня, Аляксандра Меха выклікаў да сябе начальнік управы Ўладзімір Галашка, каб паведаміць падначаленаму, што яго кантракт, які заканчваецца ў канцы чэрвеня, больш працягнуты ня будзе.
Размова адбывалася ў прысутнасці чалавека, які назваўся начальнікам мясцовага КДБ, але прозвішча свайго не сказаў. Супрацоўнік КДБ, паводле Аляксандра Меха, ня проста прысутнічаў, а даводзіў і сваю пазіцыю. Актывіст мяркуе, што яго звальняюць з прычыны намеру ўдзельнічаць у будучых парламенцкіх выбарах, прычым робяць гэта паказальна, для іншых актывістаў.
"Гэтак будзе рабіцца, каб вынішчыць усю апазіцыю напярэдадні выбараў. Каб выбары для іх прайшлі спакойна, каб ніхто ім не перашкаджаў".
Службовыя тэлефоны начальніка Кобрынскай управы магістральных газаправодаў Уладзіміра Галашкі не адказалі, аднак мне пашанцавала дазваніцца да аддзелу кадраў управы. Загадчыца Святлана Юрэня ўжо ведала пра звальненне Аляксандра Меха і пацвердзіла версію пра заканчэнне кантракту. Але чаму ён не працягнуты, адказала гэтак:
"Наймальнік мае права разарваць з наёмным працаўніком у любы час. А адкуль у Радыё Свабода такія пытанні?"
Аляксандр Мех узначальвае ў Кобрыне мясцовую філію партыі БНФ, актыўна падтрымлівае і рух Аляксандра Мілінкевіча "За свабоду". Спадар Мех з сумам кажа, што калі яго звольняць, цяжка будзе знайсці працу ня тое што ў дзяржаўнай структуры, але нават і ў прыватнай.
Алег Груздзіловіч